Выхаванцы старэйшай группы №4 разам з выхавацелем дашкольнай адукацыі Бернатовіч Т. Ч. наведалі выставу “А пачнём мы казку так…”, арганізаваную сумесна з Лідскай дзіцячай мастацкай школай мастацтваў у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Выстава створана да 109-годдзя з дня нараджэння паэта. У ходзе экскурсіі дзеці пабывалі ў пакоі, у якім працаваў паэт, друкаваў свае творы, пісаў рукапісы, паслухалі гісторыю яго жыцця: як рана ён застаўся без маці, пра пераезд ў г. Ліду. Гадавала маленькага В. Таўлая яго бабуля Аўдоцця, якая была неграматная, не умела чытаць, пісаць, але вельмі добра ведала беларускі фальклор, расказвала яму і яго меньшаму браціку шмат казак. Так з маленства паэт пранёс любоў да народнай творчасці. У 7 гадоў ён напісаў свой першы верш “Верабейкі”.
Далей дзеці прайшлі на саму выставу “А пачнём мы казку так…”. Уся зала была аформлена рэчамі, якія перадавалі сюжэт казак. А таксама карцінамі, якія намалявалі вучні мастацкай школы. Сустракала дзяцей казачніца баба Нюся, якая расказала дзецям такія беларускія народныя казкі, як “Прытча пра бусла”, “Чаму барсук і лісіца жывуць у норах”, “Алёнка і ведзьма”, “Як курачка пеўніка ратавала”, “Залаты птах”, сумесна з дзецьмі ўспомнілі казку “Ліса і воўк”. Таксама дашкольнікі паглядзелі на рэчы тых даўніх часоў, даведаліся, што такое калаўрот, лучына, хлебная лапата, фармоўка для масла, бразгункі, жырандоля. Дзеці разам з дарослымі акунуліся ў каларыт жыцця беларускага народа ў мінулым, звярнуліся да спадчыны.